Маці Божая Будслаўская! Панна праслаўлёная! Да падножжа Твайго алтара, да месца, якое абрала Ты, каб з'явіцца людзям Беларускай зямлі, наш пралягае шлях.
Увесь цяжар пілігрымкі мы ахвяруем Твайму Сыну на знак вялікай удзячнасці за збаўленне роду людскога з моцы смерці. Кожны крок наш у гэтыя дні - на хвалу Яго, падзяка Яму, адданасць Яму. Кожны стук сэрцаў – падзяка Табе за тое, што нам дала Сына Збавіцеля. Кожны ўздых грудзей – падзяка за шчасце жыць на гэтай зямлі. Усе нягоды нашай збалелай Бацькаўшчыны, увесь Яе боль і векавечны смутак мы нясём сёння да Твайго алтара і аднаго просім у Твайго Сына – літасці. Няхай замест цемры над Ёй запануе святло, замест злосці прыйдзе ў край наш дабро, замест паняверкі – праўдзівая вера асвеціць душы людзей.
Маці Міласэрная! Прытулак грэшных! Ратуй нас з цемры бязвер'я, дапамажы адшукаць на заблытаных сцежках адзіны верны шлях да Твайго Сына. Навучы нас ніколі больш не здраджаць Яму ў жыцці часовым, каб заслужыць жыццё і радасць вечную.
Амэн.